Практычныя заняткі 2

МІЖАСОБАСНАЯ МАЎЛЕНЧАЯ КАМУНІКАЦЫЯ

Пытанні для самакантролю

 

  1. Акрэсліце прыкметы міжасобаснай камунікацыі.
  2. Назавіце характэрныя рысы масавай камунікацыі.
  3. Дайце характарыстыку разнавіднасцей зносінаў: апасродкаваныя – непасрэдныя, вербальныя – невербальныя, зносіны з рэальным партнёрам – зносіны з ілюзорным партнёрам.
  4. Ахарактарызуйце інфарматыўныя, рэгулятыўныя, фактычныя зносіны.

 

Практыкаванні

 

Практыкаванне 1. Трэнінг умення карыстацца мовай жэстаў, мімікай, целам для эфектыўнай невербальнай камунікацыі.

Змест трэнінгу. Удзельнікі разбіваюцца на падгрупы (4–5). Прадстаўнікі кожнай падгрупы (па адным) фарміруюць ланцужок. Першы ў ланцужку моўчкі перадае свайму суседу справа нейкі “падарунак”. Другі ўдзельнік павінен зразумець, чым яго адарылі, а затым перадаць той жа “падарунак” іншаму. Пажадана пры гэтым дадаць нейкія новыя дэталі, якія канкрэтызуюць сутнасць “падарунка”. Апошні ў ланцужку павінен услых абвясціць, што за “падарунак” ён атрымаў. Пасля гэтага трэба прайсці ланцужок у зваротным кірунку, і кожны з гульцоў абвесціць, ці так ён уяўляў сабе сэнс атрыманага “падарунка”.

 

Практыкаванне 2. Моўная камунікацыя знаходзіць сваё адлюстраванне ў ідыяматыцы беларускай мовы, дзе прадстаўлена больш за 500 адзінак, якія змяшчаюць інфармацыю аб самім працэсе камунікацыі, аб магчымым выніку маўленчага ўзаемадзеяння і ўздзеяння. Выпішыце са слоўнікаў І. Я. Лепешава па дзве адзінкі (прыказкі, прымаўкі і фразеалагізмы) на кожную з пералічаных груп, якія:

а) адлюстроўваюць ўздзеянне слова на лёс чалавека;

б) адлюстроўваюць адмоўную ацэнку пустой балбатні;

в) адлюстроўваюць незваротнасць маўленчай камунікацыі;

г) звяртаюць увагу на тэхніку маўлення.

 

Практыкаванне 3. Трэнінг эфектыўнага валодання мімікай і жэстам у невербальнай камунікацыі.

Змест трэнінгу. Група разбіваецца на дзве каманды. Кожная каманда павінна прыдумаць слова – агульны назоўнік у адзіночным ліку і шэптам перадаць загаданае слова гульцу каманды. Яму неабходна з дапамогай жэстаў, мімікі на працягу дзвюх хвілін паказаць сваёй камандзе тое, што азначае загаданае слова. Пры гэтым нельга паказваць на прадметы, якія знаходзяцца ў пакоі. Каманда, якая адгадвае слова, можа задаваць свайму гульцу пытанні, на якія ён выключна невербальна дае станоўчы ці адмоўны адказ (Гэта прадмет? Гэта абстрактнае паняцце? Гэта прафесія? Якога гэта памеру? Як гэтым карыстаюцца? і пад.). Калі па заканчэнні дзвюх хвілін каманда не адгадвае слова, каманда, якая загадала прадмет, атрымлівае бал.

 

Практыкаванне 4. Падрыхтуйце прэзентацыю на тэму
“Нацыянальна-культурная спецыфіка жэстаў прывітання і развітання”.